ЗАПА́ЛЬНАЯ ЗБРО́Я,
баявыя сродкі для стварэння пажараў, паражэння жывой сілы і ваен. тэхнікі праціўніка. Засн. на выкарыстанні запальных саставаў. Уключае запальныя боепрыпасы і вогнесумесі, сродкі іх дастаўкі да цэлі. Выкарыстоўваецца з дапамогай авіяцыі (запальныя бакі, бомбы, касеты), артылерыі (запальныя снарады і міны), ручной зброі (запальныя гранаты, агнявыя фугасы, патроны, кулі, агнямёты). Ёсць таксама З.з., у якой спалучаецца запальнае дзеянне з інш. відамі паражэння (асколачна-запальныя снарады, бранябойна-запальныя снарады і кулі і інш.). З.з. выкарыстоўвалася ў 2-й сусв. вайне, у войнах у Карэі (1950—53) і В’етнаме (1964—73).
т. 6, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)